пятница, 16 марта 2018 г.

Тэматычны кантроль па тэме "Злучнік" 7 клас


Злучнік (тэставыя заданні) І варыянт

1.Вызначце правільнае сцверджанне: 1) злучнік – гэта самастойная часціна мовы; 2) злучнік – гэта службовая часціна мовы.

2.З якой мэтай ужываюцца злучнікі ў мове? 1) звязваюць словы ў словазлучэнні; 2) звязваюць аднародныя члены сказа і часткі складанага сказа; 3) указваюць на прадметы, прыметы і дзеянні; 4) паказваюць на розныя адносіны паміж аднароднымі членамі сказа, часткамі складанага сказа, сказамі і часткамі тэксту; 5) звязваюць сказы і часткі тэксту.

3.Падкрэсліце злучнікі, якія звязваюць аднародныя члены сказа: 1) Магутны Божа! Ўладар сусветаў, вялізных сонцаў і сэрц малых, над Беларусяй ціхой і ветлай рассып праменне свае хвалы; 2) То ўваскрэсне, то запаліцца, то згасне, то заімжыць... Гляджу цяпер назад і бачу ясна – не ўмеў я жыць; 3) Чалавеку патрэбна не слава, а людская ўвага і ласка, і сардэчнае шчырае слова, і вясёлая добрая казка; 4) У калідоры светла, цёпла, – тут прыпынак закаханых, размаўляе з мілай хлопец і з павагай, і з пашанай; 5) А яна: то ўсміхнецца, то схмурнее на хвілінку, то навокал азірнецца, сціснуўшы ў руках хусцінку.

4.Падкрэсліце злучнікі, якія звязваюць часткі складаных сказаў: 1) Яшчэ на ўзлессі снег ляжыць, але шпакі ўжо шчабечуць, звіняць да змроку капяжы, і кроплі падаюць на плечы; 2) Ідзе вясна, а не адліга, з вятрамі, з ліўнямі, цяплом: і крыгі крышацца аб крыгі, а хутка грымне першы гром; 3) Заўсёды, як гляне даўніна сівая ў вочы, нібыта настаўнік суровы, свой сэнс першародны тады набываюць і фарбы, і гукі, пачуцці і словы; 4) Мне дзён не ставала зрабіць справаздачу, а тут я падумаў: як зроблена мала; 5) Наведвайце бацькоў, пакуль яны жывыя, пакуль дымяцца коміны – нагрэйцеся ў бацькоў.

5.Паводле складу злучнікі падзяляюцца на: 1) злучальныя і падпарадкавальныя; 2) адзіночныя, паўторныя і парныя; 3) простыя і састаўныя.

6.Падкрэсліце ў сказах простыя злучнікі: 1) Маруда, таўсцель, ён нібы знарок не спяшаецца, нібы пасмейваецца з сяржанта, трухае як мяшок, робіць выгляд, што бяжыць, але хіба ж гэта бег? 2) Макоўчык адчуў, што яго збівае з ног, і прыпыніўся; 3) Макоўчыка ўзяў роздум: ці зможа ён утрымацца, пераходзячы, ці ўстаіць перад дзікай напорнасцю гэтай быстрай плыні? 4) Перад тым як ехаць, ён прывыкла намерыўся паправіць пілотку, але яе як не было; 5) Ён ужо намерыўся пусціць каня ў вірлівы паток, калі заўважыў, што з-за павароту вада вынесла дрэва.

7.Падкрэсліце ў сказах парныя і састаўныя злучнікі: 1) Калі народ у стагоддзях выстаяў, захаваў сваё аблічча, сваю культуру і мову, сваю жывую душу, то зразумела ж, што не толькі дзякуючы цярпенню, колькі дзякуючы мужнасці і стойкасці ў барацьбе з прыгнятальнікамі; 2) Караткевіч з захапленнем гаворыць пра ўбачанае і адкрытае ў блізкіх і далёкіх краях таму, што бачыць у гэтым веліч чалавека, яго творчага духу; 3) І не толькі ў рамане І.Шамякіна бачым мы падобную пераклічку часоў – ваеннага і цяперашняга, але і ў іншых творах беларускіх празаікаў; 4) Калі вершы не дадуць мне зведаць пачуццё асалоды гэтым, не перапоўніць мяне радасцю і гордасцю за веліч і прыгажосць роднай мовы – дык хто ж дасць? 5) Правільна пісаў М.В.Гогаль: “Насмешкі баіцца нават той, хто ўжо нічога не баіцца ў свеце”. Гэта значыць, што страх быць асмяяным і высмеяным для чалавека мацнейшы за ўсякі вядомы страх.

8.Што звязваюць злучальныя злучнікі: 1) галоўныя і даданыя члены сказа; 2) аднародныя члены сказа; 3) галоўныя і залежныя словы ў словазлучэнні; 4) раўнапраўныя паводле сэнсу часткі складанага сказа.

9.Адзначце злучальныя злучнікі: 1) то – то; 2) як – так; 3) што; 4) ды; 5) бо; 6) ледзь; 7) хоць – але; 8) ні – ні.

10.Адзначце сказы, у якіх перад злучальнымі злучнікамі трэба паставіць коскі: 1) Мяняюцца напрамкі і манеры і новыя з’яўляюцца штодня, ды толькі не мяняецца Венеры святая прыгажосць і чысціня; 2) Яна спазнала забыццё і холад, яна  перамагла сляпую злосць і не змаглі ні час ні цяжкі молах скрышыць яе святую прыгажосць; 3) Усё цябе кудысьці цягне, заснуць да рання не дае: то ты ідзеш па топкай багне і сцежкі свецяцца твае то пралятаеш над ракою; 4) Здаецца, сонечныя рысы цябе саткалі на вадзе і ціха шэпчуць кіпарысы, тваёй зайздросцячы хадзе.

11.Адзначце правільнае сцверджанне: 1) У сказе Атрымаю я за двойку і ў хвост і ў грыву неабходна паставіць коску пасля слова хвост, таму што злучнік і злучае аднародныя члены сказа і паўтараецца двойчы; 2) У сказе Атрымаю я за двойку і ў хвост і ў грыву не трэба ставіць коску пасля слова хвост, таму што “і ў хвост і ў грыву” – гэта фразеалагізм. Паміж аднароднымі членамі сказа, якія ўтвараюць устойлівы выраз і злучаны паўторнымі злучнікамі, коска не ставіцца.

12.Адзначце сказы, у якіх слова затое з’яўляецца злучнікам і пішацца разам: 1) Я не (за) тое, каб народы брылі па вузкай каляі. А я (за) тое, каб заўсёды – які б там час, якія б моды! – быць верным роднае зямлі; 2) У паветры ўжо адчуваўся подых блізкай восені. Днём усё яшчэ было горача. (За) тое ноччу дацінаў холад; 3) З-пад навісі дрэў блішчаць толькі рэдкія зоркі, (за) тое вакол нас тысячы маленькіх зорачак-светлячкоў; 4) Люблю мой край (за) тое, што ў ім часы другія, што згінула былое; 5) Жыта “на лужках” вымакла зусім, (за) тое на гары і пад лесам сцяной ідзе.

13.Чым адрозніваюцца падпарадкавальныя злучнікі ад злучальных: 1) падпарадкавальныя злучнікі звязваюць аднародныя члены сказа; 2) падпарадкавальныя злучнікі звязваюць раўнапраўныя па сэнсе часткі сказа; 3) падпарадкавальныя злучнікі звязваюць часткі сказа, у якіх адна з іх залежыць ад другой; 4) падпарадкавальныя злучнікі звязваюць словы ў словазлучэнні.

14. Падкрэсліце падпарадкавальныя злучнікі ў сказах: 1) Людзі замітусіліся, заспяшаліся так, быццам неспадзеўкі здарыўся пажар; 2) Калі жанчыны падышлі да скрыжавання, паўз іх паважна праплылі адзін за адным тралейбус і жоўты аўтобус; 3) Нібы навыперадкі, праносіліся хуткія аўтамабілі; 4) Каб ён быў міністрам, яго аўтарытэт не маглі б уразіць больш; 5) Усе ехалі туды, куды ён паказваў, усе разам, як толькі ён хацеў гэтага, спыняліся!

15.Адзначце сказы, у якіх падпарадкавальныя злучнікі афармляюць часавыя адносіны паміж часткамі: 1) Цэлы дзень, ледзь развідняе, да змяркання, пырхаюць крылы – падлятаюць, адлятаюць чорныя старанныя шпакі; 2) Калі ляцяць недалёка, відаць, як хапатліва кідаюцца ў пошуках пажывы; 3) З вясны, калі малых не было, старыя цешыліся вясне, зялёнай зямлі, чыстаму небу; 4) Была пара, калі ўсе дрэвы стаялі, як белыя, ружаватыя воблакі; 5) Як толькі пачало займацца на дзень, ён прахапіўся.  

16.Адзначце сказы, у якіх падпарадкавальныя злучнікі афармляюць  адносіны ўмовы паміж часткамі: 1) Вясною, як зачынаў ажываць свет, выбілася з зямлі тоненькая, чырванаватая травінка; 2) Пастаяўшы колькі мінуцін, Андрэй пайшоў дадому. Раз пачаў, – трэба канчаць. Усё роўна не на карысць яму вырас гэты дубок; 3) Яго аж скаланула: цяпер, каб і золатам абсыпалі, не пайшоў бы туды; 4) Ды калі б у мяне коні былі такія, як у цябе, я і гаварыць бы не стала нічога; 5) Эх, здаецца, каб нічога гэтага не было, каб яно толькі прыснілася яму! Усё было б добра, каб не гэты дубок.

17.Адзначце сказы, у якіх пры дапамозе падпарадкавальнага злучніка як выражаюцца параўнальныя адносіны паміж часткамі: 1) Грудкі хмарак разгладзіліся, неба пабялела, і пасыпаў дробненькі сняжок, як Андрэй ішоў з лясніцтва; 2) На душы яго стала спакайней, як пасля кожнай буры; 3) Але Андрэй ляжаў яшчэ з паўгадзіны і думаў, як хітрэй схаваць дубок; 4) Лес стаяў спакойны, толькі ўгары шумелі паціхеньку хваёвыя галінкі, як бы віталі першы сняжок; 5) А можа яны шапталі што Андрэю, як шэпча маці, схіліўшыся над дзіцём, расказвалі сваёй мовай аб тым, што Андрэй сапраўды не такі вінаваты, як гэта крычыць яму кожную хвіліну чулае сумленне.

18.Адзначце сказы, у якіх злучнік мае наступныя марфалагічныя прыметы: просты, падпарадкавальны, прычынны: 1) Было гэта тады, як жыў яшчэ мой дзед, а сам я толькі пачаў даставаць падбародкам да верху стала; 2) “Другая дзічка” расла на панскім полі, аднак яна была наша, бо пасадзіў яе мой дзед; 3) Спачатку я пачуў, як забрахаў сабака, і, паглядзеўшы ў той бок праз галлё, убачыў самога пана; 4) Я ўсё глядзеў на дзеда знізу ўверх, і мне шкада было яго і зайздросна, што ён не спалохаўся пана.


Злучнік (тэставыя заданні) ІІ варыянт

1.Вызначце правільнае сцверджанне: 1) злучнік – гэта даданы член сказа; 2) злучнік – гэта службовая часціна мовы.

2.З якой мэтай ужываюцца злучнікі ў мове? 1) не называюць, а ўказваюць на прадметы, прыметы і дзеянні; 2) звязваюць аднародныя члены сказа, часткі складанага сказа сказы і часткі тэксту; 3) звязваюць словы ў словазлучэнні; 4) паказваюць на розныя адносіны паміж аднароднымі членамі сказа, часткамі складанага сказа, сказамі і часткамі тэксту; 5) звязваюць сказы і часткі тэксту.

3.Падкрэсліце злучнікі, якія звязваюць аднародныя члены сказа: 1) Не страшна мне ні твань, ні багна, ані віхуры гул і свіст – я за жыццё ўхапіўся прагна, як за галлё дубовы ліст; 2) Чалавеку патрэбна ўсмешка незнаёмых вачэй і знаёмых, каб дажджамі размытая сцежка стала лёгкай на кручах і стромах; 3) На Палессі восень. Гусі белыя выскублі мядовую траву. І вятры, ад сцюжы ашалелыя, то журботна свішчуць, то пяюць; 4) Ні славы, ні скарбаў я не хачу, мне б толькі прыйсці непрыкметна, зямлю сваю пад нагамі адчуць, надыхацца родным паветрам; 5) Нялёгка добрым быць, хоць нам не трэба ні лёгка запрацаванага хлеба, ні тайных поспехаў, ні скідак, ні ўдач, ні вырашаных іншымі задач.

4.Падкрэсліце злучнікі, якія звязваюць часткі складаных сказаў: 1) Цішыня такая, што расчуліць можа да слёз; 2) Я сто гадоў не ездзіў на рамізніках і думаў: яны здадзены ў музей, ды давялося вось: мяне вязе кульгавы конь, якому сена трызніцца; 3) Вы маладыя ўсе, пакуль бацькі старыя жывуць няўмольным клопатам, каб вам лягчэй было; 4) Беларусь, цябе падвысіў лёс, даў пагоркі, абдзяліў гарамі, каб сябе высока гнеў узнёс, ад якога б ворагі згаралі; 5) Хвіліна маўчання, і цішыня сцеражэ цішыню, толькі на ветры жывым хваляваннем б’ецца гарачае сэрца агню.

5.Паводле ўжывання злучнікі падзяляюцца на: 1) злучальныя і падпарадкавальныя; 2) адзіночныя, паўторныя і парныя; 3) простыя і састаўныя.

6.Падкрэсліце ў сказах парныя злучнікі: 1) Хаця Багдановіч загаварыў пра сябе, але сам ён увесь належыць свайму часу і свайму народу; 2) Калі тую ліпу ў садзе Веранікі ўявіць дрэвам вечнасці, у якое ўрэзана яе несмяротнае імя, то сапраўды мы можам шчасліва і светла сказаць: “Чым болей сходзіць дзён, начэй, тым імя мілае вышэй”.

7.Падкрэсліце ў сказах паўторныя злучнікі: 1) Рып калёс і хлебны пах зямлі, і гэты вечар – гавораць мне аб шчасці чалавечым; 2) О Радзіма, табою напоўнена сэрца да краю, і заўсёды – ці працую, ці пільна на варце стаю, – я твой велічны вобраз у думках сваіх уяўляю; 3) Ані хаты, ані павецяў – голы комін ды цішыня. А тым часам трывожны вецер хмары чорныя ў гурт зганяў; 4) Мог бы танк той жанчыне з пушчы расказаць, як чужынцаў біў, як фашысцкія косці трушчыў, як варожыя танкі давіў; 5) Тут не хочацца ні гаварыць, ні пець – нібы к вечнасці прыйшоў у госці.

8.Паводле значэння злучнікі падзяляюцца на: 1) прасторавыя, часавыя, мэтавыя; 2) злучальныя і падпарадкавальныя; 3) акалічнасныя і азначальныя.

9.Адзначце злучальныя злучнікі: 1) або – або; 2) затое; 3) таму што; 4) ці; 5) аднак; 6) нібы; 7) толькі; 8) не толькі – але і.

10.Адзначце сказы, у якіх перад злучальнымі злучнікамі трэба паставіць коскі: 1) І лес і снег у чыстых зорах, у срэбных пацерках – кусты але ласіха чуе шорах і кожны скрып за тры вярсты; 2) Праз буралом і крутаяры, шарпак ламаючы таўсты, яны ў гушчар ляцяць у пары і ў кроў збіваюць капыты; 3) Жыццё часамі мачахай было: сляпіла вочы, шчокі секла: то праз чысцілішча вяло то зноў кідала нас у пекла; 4) Мой дзед, рабочы чалавек, не шкадаваў ні рук ні жыл – ты ўсё ўмеў, ты прагна жыў, твае сагрэлі мазалі пясчынку кожную зямлі.

11.Адзначце правільнае сцверджанне: 1) У сказе Жадаю табе ні пуха ні пяра неабходна паставіць коску пасля слова пуха, таму што злучнік ні злучае аднародныя члены сказа і паўтараецца двойчы; 2) У сказе Жадаю табе ні пуха ні пяра не трэба ставіць коску пасля слова пуха, таму што “ні пуха ні пяра” – гэта фразеалагізм. Паміж аднароднымі членамі сказа, якія ўтвараюць устойлівы выраз і злучаны паўторнымі злучнікамі, коска не ставіцца.

12.Адзначце сказы, у якіх слова затое з’яўляецца злучнікам і пішацца разам: 1) З кожным днём меншала сонца на вуліцы і большала (за) тое ў садах; 2) Пёс адзін мой зваўся Лыска, а другі – за голас – Звон, а каня назваў Вятрыска, а (за) тое, што спрыцён; 3) З пяском ехалі цішэй, чым паражняком, (за) тое без бразгату; 4) Каханне разбурана, (за) тое здабыта права іншых, не менш высакародных адносін; 5) У жнівеньскі дзень ад ранку вуліца ціха дрэмле, (за) тое поле поўніцца жыццём.

13.Чым адрозніваюцца падпарадкавальныя злучнікі ад злучальных: 1) падпарадкавальныя злучнікі звязваюць аднародныя члены сказа; 2) падпарадкавальныя злучнікі звязваюць раўнапраўныя па сэнсе часткі сказа; 3) падпарадкавальныя злучнікі звязваюць часткі сказа, у якіх адна з іх залежыць ад другой; 4) падпарадкавальныя злучнікі звязваюць словы ў словазлучэнні.

14. Падкрэсліце падпарадкавальныя злучнікі ў сказах: 1) Калі вецер на момант прыціхаў, нібы стаміўшыся, было добра відаць, як кволыя галінкі бяроз дробна дрыжаць, і здавалася, што дрыжаць яны ад холаду; 2) Асцярожна патросшы пяро над чарнільніцай, каб не пасадзіць часам кляксы, Люда стала выводзіць літару за літарай; 3) Але як толькі сказ быў напісаны, яна зноў вярнулася да таго, пра што шаптала Галька; 4) Люда адчувала, што маці шкадуе яе і сказала гэта толькі для таго, каб супакоіць; 5) Яна думала пра сваю бяду, пра сваю памылку, пра тое, што ва ўсім вінавата Галя, што заўтра ж папросіць настаўніцу, каб Галю перасадзілі ад яе.

15.Адзначце сказы, у якіх падпарадкавальныя злучнікі афармляюць часавыя адносіны паміж часткамі: 1) Калі Ігнат выйшаў з хаты, было блізка да вечара; 2) Ледзь толькі конюх працерабіў праз гушчар алешніку на поплаў, як убачыў каля балота людскі натоўп; 3) Сцебанула здагадка, што здарылася нейкае няшчасце, бо звычайна ў гэты час людзей на поплаве не было; 4) На вуліцы Каранёўкі, як звычайна летнім адвячоркам, было людна і тлумна; 5) Пасля таго, як Насця выйшла, у пакоі настала нядобрая цішыня.  

16.Адзначце сказы, у якіх падпарадкавальныя злучнікі афармляюць  прычынныя адносіны паміж часткамі: 1) Як толькі настаў вечар і добра сцямнела, а людзі крыху сціхлі, Андрэй павыносіў камлюкі на дрывотню; 2) Поле празвалі Кругамі таму, што калісьці на тым месцы былі невялікія азёрцы – кругі; 3) Андрэй пачынаў каяцца, што выбраўся на гэтую справу; 4) А князя чорт не возьме, калі ён, Андрэй, ссячэ адзін дубок; 5 Лічбаў не трэба мінаць, бо яны часам гавораць куды больш красамоўна, чым самыя ўдалыя словы.

17.Адзначце сказы, у якіх пры дапамозе падпарадкавальнага злучніка як выражаюцца тлумачальныя адносіны паміж часткамі: 1) Ты з мовай чужой, як жабрак на зацёртай дарозе. Я з мовай сваёй гаспадар, сейбіт цёплых зярнятак, і побач са мной паважна ідуць Каліноўскі, Скарына, Купала і Колас; 2) Беларускі народ, як і кожны народ, мае сваю багатую гісторыю, гісторыю барацьбы супраць прыгнятальнікаў, барацьбы за сваё сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне, за сваю незалежнасць; 3) Фальклор, фальклор, душа народа! Люблю размах тваіх шырот, люблю парою веснаходу з берагавых тваіх высот глядзець, як трэскаюць аковы на ўлонні роднае ракі; 4) Хачу прачнуцца я праз сотні год, паслухаць траў і ветру шапаценне. Хачу я толькі на адно імгненне паслухаць, як жывеш ты, мой народ; 5) Нас дзеці і ўнукі паўтораць нанова – народы не спісваюцца на пенсію, ты будзеш звінець, мая родная мова, як слова, якое не выкінуць з песні.

18.Адзначце сказы, у якіх злучнік мае наступныя марфалагічныя прыметы: просты, падпарадкавальны, умоўны: 1) Пакуль парастайвалі ў небе зоркі, збялеў асколак месяца і зарумяніўся над лесам усход, – вёскі ўжо не спалі; 2) Як толькі дзядзька адчыніў старыя, скрыпучыя дзверы, у гуменца хлынула маладое, румянае сонца; 3) Вясной, як толькі сыходзілі крыгі, амаль кожны дзень можна было бачыць, як ён ідзе на раку ці вяртаецца з ракі дахаты; 4) Калі часам не хапала рыбы – на спод торбы ішла трава, а дробнарыбіца зайздросна прыкрывалася зеленаватымі, лычастымі шчупакамі, паласатымі акунямі, язямі...


Комментариев нет:

Отправить комментарий

ТЭМАТЫЧНЫ КАНТРОЛЬ 8 КЛАС “ЖАНРЫ ЛІРЫКІ"

ТЭМАТЫЧНЫ КАНТРОЛЬ 8 КЛАС “ЖАНРЫ ЛІРЫКІ” 1.         Злучыце аўтара і твор. “Спадчына”                                             ...